ЖАЛЕ́ЗНЫ КАПЯЛЮ́Ш,

намнажэнне аксідаў і гідрааксідаў жалеза каля паверхні Зямлі, якое ўзнікае ў выніку хім. раскладання і акіслення сульфідных руд. Залягае на першасных неакісленых рудах, перакрываючы іх (адсюль назва «капялюш»). Складаецца з гётыту, гідрагётыту, тур’іту з прымесямі гідрааксідаў марганцу, сульфатаў. Глыбіня распаўсюджання Ж.к. звычайна абмяжоўваецца ўзроўнем грунтавых вод і дасягае дзесяткаў і соцень метраў. Важная прыкмета пры пошуку сульфідных радовішчаў і ацэнцы першасных руд.

У.Я.Бардон.

т. 6, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)